БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ,

мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе, другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.

У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.

Літ.:

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;

Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;

Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.

Г.К.Хурсевіч.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)